РАДАШКО́ВІЦКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16 ст. ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Упершыню згадваецца ў інвентары Радашковіч за 1549. Размяшчаўся паміж 2 ставамі, утворанымі на рэках Гуйка і Вязынка, на «капцы сыпаным», і формай нагадваў няправільны чатырохвугольнік. З усіх бакоў замак акружала вада. У замку было 5 вежаў (у т. л. вежа-брама), звязаных паміж сабой сценамі (гароднямі). Адна вежа месцілася асобна на падворку. Сярод узбраення Р.з. ў інвентары згадваюцца гарматы, гакаўніцы, ручніцы, аркебузы, кіі. Былі таксама запасы свінцу, пораху і інш. Перад замкам размяшчаліся арсенал, 2 млыны, сядзібны дом, лазня, бровар і інш. гасп. пабудовы. У інвентары адзначана, што Р.з. «добрага будованья, не гнилого». Цяпер замчышча часткова разбурана і занята сучаснай забудовай.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)